Вторник , Июль 25 2017

Еўропа патрабуе новых выбараў

europarlamentПарламент ЕС адзінадушна прыняў самую жорсткую ў гісторыі рэзалюцыю па Беларусі. Заклікае да эканамічных санкцый. Прапаноўваецца ўжыць супраць Беларусі эканамічныя санкцыі.

Таксама прагучаў заклік наконт недарэчнасці хакейнага чэмпіянату ў Мінску. Дэпутаты заклікаюць спыніць усялякія кантакты з лукашэнкаўцамі, увесці візавыя санкцыі супраць іх. Еўрапарламент шкадуе з нагоды таго, што Расія прызнала апошнія выбары ў Беларусі.

Рэзалюцыя , Эўрапейскага парлямэнту адносна сытуацыі ў Беларусі

Эўрапейскі парлямэнт,

— маючы на ўвазе папярэднюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту адносна сытуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці рэзалюцыю ад 17 сьнежня 2009 г.,

— маючы на ўвазе Рашэньне Рады 2010/639/CFSP ад 25 кастрычніка 2010 г. адносна абмежаваньняў у дачыненьні да пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, працягнуць іх да 31 кастрычніка 2011 г.,

— маючы на ўвазе Рашэньне Рады замежных спраў ад 25 кастрычніка 2010 г.,

— маючы на ўвазе заявы Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі» ад 20 сьнежня 2010 г.,

— маючы на ўвазе Правіла 110 Рэглямэнту,

A. У сувязі з тым, што Праская дэклярацыя саміту Ўсходняга партнэрства зноў пацьвердзіла, у тым ліку і адносна Беларусі, адданасьць прынцыпам міжнароднага закону і асноўным каштоўнасьцям, у іх ліку дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека і асноўных свабод,

B. У сувязі з тым, што Рада 25 кастрычніка 2010 г. «заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і нормамі дэмакратычных выбараў АБСЭ і ААН,

C. У сувязі з тым, што Беларусь прыняла на сябе абавязаньні ўлічыць рэкамэндацыі АБСЭ і яго Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека адносна ўдасканальваньня выбарчага кодэксу Беларусі з мэтай прывесьці яго ў адпаведнасьць міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў і кансультавацца адносна прапанаваных зьменаў з АБСЭ; у сувязі з тым, што парлямэнт Беларусі прыняў рэформу Выбарчага кодэксу без папярэдняй кансультацыі з АБСЭ,

D. У сувязі з тым, што Рада «ізноў пацьвердзіла сваю гатовасьць пашыраць дачыненьні зь Беларусьсю ў залежнасьці ад разьвіцьця Беларусі ў накірунку да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону, а таксама гатовасьць дапамагаць Беларусі ў дасягненьні гэтых мэтаў.»

E. У сувязі з тым, што Рада, пасьля ацэнкі прагрэсу ў Беларусі, вырашыла працягнуць абмежавальныя захады супраць пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, але прыпыніць ўжываньне візавых санкцыяў на паездкі ў ЭЗ, да 31 кастрычніка 2011 г.,

F. У сувязі з тым, што ў адпаведнасьці з заявамі ПА АБСЭ і Офісу дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ «Аб папярэдніх высновах адносна прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі» пэўны прагрэс можна адзначыць у часе выбарчага працэсу, але ён азмрочаны сур’ёзнымі парушэньнямі ў часе галасаваньня і гвалтам у дзень выбараў 19 сьнежня,

G. У сувязі з тым, што больш за 700 чалавек былі зьняволеныя за іх удзел у дэманстрацыі 19 сьнежня ў Менску, бальшыня зь іх былі вызваленыя пасьля адбываньня кароткіх тэрмінаў зьняволеньня паводле адміністрацыйных прысудаў, тым часам як 24 апазыцыйныя журналісты і актывісты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзыдэнты, былі абвінавачаныя «у арганізацыі масавых беспарадкаў» і ім пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, а яшчэ 14 чалавек могуць быць асуджаныя такім жа чынам неўзабаве,

H. У сувязі з тым, што разгон міліцыяй дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 г. і далейшыя захады праваахоўных органаў супраць дэмакратычнай апазыцыі, свабоды мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці былі асуджаныя прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту, высокімі прадстаўнікамі ЭЗ і Генэральным сакратаром ААН,

I. У сувязі з тым, што адвакаты, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, апазыцыянэраў і іх родных, не дапускаюцца да зьняволеных,

1. Прызнае, што адпаведна з папярэднімі высновамі ПА АБСЭ і Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека аб тым, што прэзыдэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў; прызнае, што гэтае галасаваньне сталася страчанай магчымасьцю для дэмакратызацыі Беларусі, і заклікае, у сувязі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэньнямі, адзначанымі АБСЭ, да новых выбараў, якія б былі праведзеныя адпаведна з свабоднымі і дэмакратычнымі нормамі і стандартамі АБСЭ;

2. Асуджае ўжываньне супраць пратэстоўцаў грубай сілы міліцыяй і КДБ у дзень выбараў, асабліва жорсткі напад на У. Някляева, парушэньне правоў на свабоду сходаў і выказваньня, а таксама правоў чалавека, і выказвае заклапочанасьць спробамі ўладаў Беларусі ўзяць пад апеку Даніла Саньнікава, 3-гадовага сына кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія абое застаюцца зьняволеныя ад 19 сьнежня;

3. Рэзка асуджае арышт і затрыманьні мірных дэманстрантаў і бальшыні кандыдатаў у прэзыдэнты, лідэраў дэмакратычнай апазыцыі і вялікай колькасьці грамадзянскіх актывістаў, журналістаў, настаўнікаў і студэнтаў, якім пагражаюць прысуды да 15 гадоў зьняволеньня; заклікае да незалежнага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня пад эгідай АБСЭ; заклікае да неадкладнага спыненьня палітычна матываваных прысудаў;

4. Асуджае рэпрэсіі і заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць усе формы гвалту, перасьледу і запалохваньня актывістаў грамадзянскай супольнасьці, рэйды, ператрусы і канфіскацыю матэр’ялаў у прыватных памяшканьнях, прадстаўніцтвах незалежных смі і офісаў грамадзкіх арганізацыяў, а таксама выключэньняў з унівэрсытэтаў і звальненьняў з працы;

5. Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх зьняволеных у дзень выбараў і пасьля выбараў, у тым ліку і зьняволеных, прызнаных Amnesty International вязьнямі сумленьня; заклікае улады Беларусі забясьпечыць неабмежаваны доступ сваякоў, юрыстаў і мэдыкаў да зьняволеных;

6. Выказвае шкадаваньне адносна рашэньня ўладаў Беларусі закрыць офіс АБСЭ ў Беларусі і заклікае ўлады Беларусі адмяніць гэтае рашэньне;

7. Асуджае блякаду ў інтэрнэце шэрагу буйных інтэрнэт-старонак, у тым ліку сацыяльных сетак і апазыцыйных вэб-сайтаў у дзень выбараў у Беларусі; падкрэсьлівае, што цяперашні закон аб СМІ ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам і таму заклікае беларускія улады перагледзець і зьмяніць яго;

8. Заклікае Раду, Камісію і высокіх прадстаўнікоў ЭЗ перагледзець палітыку ЭЗ адносна Беларусі, у тым ліку ўжыць эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу праз крэдыты МВФ, апэрацыі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця; падкрэсьлівае, што арыентацыя на Эўрапейскую палітыку добрасуседзтва і нацыянальнай дапамогі для Беларусі павінна быць перанакіраваная і праводзіцца ў сфэры падтрымкі грамадзянскай супольнасьці; нагадвае пра істотнасьць эфэктыўнага выкарыстаньня Эўрапейскай ініцыятывы ў справе дэмакратыі і правоў чалавека;

9. Заклікае Камісію падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі высілкі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ (у тым ліку ТВ Белсат, Эўрапейскага радыё для Беларусі, Радыё Рацыя і іншых) і недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, якія разьвіваюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму; бачыць неабходнасьць актывізаваць і заахвочваць сувязі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў зь міжнароднай супольнасьцю; разам з тым заклікае Камісію прыпыніць цяперашняе супрацоўніцтва і адклікаць дапамогу дзяржаўным СМІ ў Беларусі;

10. Заклікае Эўрапейскую Камісію разьвіваць мэханізм рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі з палітычных прычынаў, для таго, каб даць ім магчымасьць карыстацца праграмамі ЭЗ;

11. Заклікае Камісію працягваць і павялічваць фінансавую дапамогу Эўрапейскаму гуманітарнмау унівэрсытэту (ЭГУ), які месьціцца ў Вільні (Літва), павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных за іх грамадзянскую актыўнасьць і выключаных з унівэрсытэтаў і зрабіць унёсак у канфэрэнцыю донараў «Салідарнасьць зь Беларусьсю», заплянаваную на 2/02/2011 і наступную канфэрэнцыю ў Вільні 3–4/02/2011;

12. Заклікае Раду, Камісію і Вярхоўную прадстаўніцу ЭЗ неадкладна аднавіць візавыя забароны ў дачыненьні да кіраўнікоў Беларусі і пашырыць іх на дзяржаўных чыноўнікоў, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілаў бясьпекі, якія могуць быць адказнымі за парушэньні ў часе галасаваньня і пасьлявыбарчыя жорсткія рэпрэсіі і арышты прадстаўнікоў апазыцыі, а таксама замарозіць іх банкаўскія актывы; зьвяртае ўвагу, што санкцыі павінны заставацца ў сіле як найменей да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і поўнага зьняцьця зь іх абвінавачаньняў; вітае добрыя прыклады ўраду Польшчы і парлямэнту Літвы, якія ўвялі ў дзеяньне візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў рэжыму ў Менску і разам з тым аблегчылі паездкі ў Эўразьвяз для беларускіх грамадзянаў;

13. Заклікае Раду разглядзець магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве на саміце Усходняга партнэрства ў Будапэшце, калі да гэтага ня будзе прымальнага тлумачэньня і значнага паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненьне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасьць;

14. Заклікае Камісію і Раду актывізаваць перамовы ў справе пагадненьня аб рэадмісіі для спрашчэньня візавага рэжыму, у тым ліку і даступных візавых збораў ў мэтах спрашчэньня кантактаў паміж людзьмі;

15. Выказвае спадзяваньне, што краіны-сябры ЭЗ не аслабяць дзеяньні Эўразьвязу двухбаковымі кантактамі зь беларускім рэжымам, што аслабіла б аўтарытэт і эфэктыўнасьць эўрапейскай зьнешняй палітыкі;

16. Выказвае меркаваньне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як Чэмпіянат Сьвету па хакеі ў 2014, ня могуць быць праведзеныя ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязьні;

17. Выказвае шкадаваньне ў сувязі з крокамі Расейскай Фэдэрацыі, якая прызнала выбары і расцаніла рэпрэсіі як «унутраную справу», рэкамэндуе Эўракамісіі распачаць дыялёг, кансультацыі і палітычную каардынацыю з суседзямі Беларусі, якія не ўваходзяць у ЭЗ, але якія традыцыйна маюць асаблівыяя адносіны з гэтай краінай і адначасна зьяўляюцца партнэрамі ЭЗ — а менавіта, Расеяй і Ўкраінай — каб максымальна павысіць эфэктыўнасьць палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, а таксама супрацоўнічаць у справе належнага ўраўнаважаньня рэакцыі на недахоп дэмакратыі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі зь неабходнасьцю пазьбегнуць яе міжнароднай ізаляцыі.

18. Даручае старшыні накіраваць гэтую рэзалюцыю ў Раду Эўропы, Эўрапейскую Камісію, Вярхоўнаму прадстаўніку, дзяржавам-сябрам ЭЗ, прэзыдэнту, парлямэнту і ўраду Беларусі, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і АБСЕ.

nn.by

Ответить

Ваш email не будет опубликован.Обязательный поля выделены *

*

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>